Search
Generic filters

Медыцына

Медыцына ў Латвіі ёсць платная і ўмоўна бясплатная. На ўмоўна бясплатную могуць разлічваць грамадзяне Латвіі, людзі з пастаянным відам на жыхарства, а таксама тыя, у каго ёсць часовы від на жыхарства і афіцыйная праца або дзіця да сямі гадоў.

Платны прыём у паліклініцы звычайна каштуе каля 40 еўра, умоўна бясплатны – 4 еўра (пацыенцкі ўзнос). Візіт да стаматолага для дарослых ўмоўна бясплатным не бывае, але можна зэканоміць, калі запісацца да студэнтаў.

Каб паўнавартасна карыстацца медыцынскімі паслугамі, трэба зарэгістравацца ў сямейнага доктара. Каб даведацца, у якіх сямейных вы можаце зарэгістравацца, вам трэба патэлефанаваць у Нацыянальную службу аховы здароўя па нумары 80001234, назваць свой адрас і атрымаць імёны дактароў і адрасы, па якіх яны вядуць прыём. Сістэма перыядычна змяняецца, так што ўдакладняйце, ці дастаткова проста патэлефанаваць лекару і папрасіць зарэгістравацца, ці трэба зрабіць нешта яшчэ.

Калі вам трэба патрапіць да вузкага спецыяліста, і вы не хочаце пры гэтым плаціць 40 еўра, вам трэба ўзяць накіраванне ў сямейнага доктара (візіт да сямейнага каштуе 2 еўра, але шмат аб чым можна дамовіцца бясплатна проста па тэлефоне). Накіраванне не патрэбнае для візіту да гінеколага, афтальмолага і стаматолага.

Умоўна бясплатнага візіту часам даводзіцца доўга чакаць. Але да вузкіх адмыслоўцаў можна ісці ў любую клініку, і нават неабавязкова гэта рабіць у тым горадзе, дзе вы жывяце. Запісацца да лекара можна тут. Калі бліжэйшы запіс даступны толькі на некалькі тыдняў ці месяцаў наперад, запісвайцеся на бліжэйшую даступную дату, а праз некалькі дзён праверце магчымасці зноў. Часта так бывае, што з’яўляюцца новыя “акенцы”.

Калі ў вас сімптомы каранавіруса, не ідзіце да лекара, а рабіце тэст. Пры наяўнасці сімптомаў тэст у лабараторыі робяць бясплатна. Запісацца можна па тэлефоне 8303 ці тут.

Папяровыя рэцэпты, як правіла, лекары не выдаюць. Інфармацыя аб вашых рэцэптах ёсць у анлайн-сістэме, і ў аптэцы вам трэба прад’явіць ID-карту. Дарэчы, па рэцэптах у Латвіі прадаюцца практычна ўсе лекі, і іх, калі трэба, могуць даставіць дамоў.

Калі працадаўца аформіў вам медыцынскую страхоўку ці вы набылі яе самастойна, дык узяўшы накіраванне ў сямейнага доктара, можаце запісвацца на платны візіт да вузкага адмыслоўца. Страхоўка можа пакрыць гэты візіт. Некаторыя страхоўкі часткова пакрываюць стаматалагічнае лячэнне і выдаткі на лекі.

Бясплатны тэлефон псіхалагічнай дапамогі 116123 працуе 24/7. Атрымаць дапамогу можна на латышскай, рускай і англійскай мовах.