Search
Generic filters

Жытло

Самы папулярны сайт для пошуку жытла – ss.lv. У наладах пошуку вы можаце выбраць патрэбны горад, раён, кошт і колькасць пакояў. Таксама арэндадаўцы выкладваюць аб’явы ў Facebook:

Marketplace
Аренда квартиры в Риге
Снять/сдать квартиру в Риге без посредников

Арандуючы кватэру, абавязкова складайце дамову. Арэндную плату ў Латвіі пералічваюць на гаспадарскі рахунак, і калі гаспадары настойваюць на тым, каб вы плацілі гатоўкай, гэта трывожны званочак. Перад тым, як падпісаць дамову, абавязкова паглядзіце, наколькі вялікія камунальныя плацяжы былі летам і ў самы халодны месяц мінулага ацяпляльнага сезона. Калі гаспадары шукаюць падставу не паказваць старыя рахункі – гэта вельмі трывожны званочак.

Не мае значэння, якія рахункі ў вашых сяброў за кватэру з такой жа плошчай у іншым раёне Рыгі. Нават у суседніх будынках камуналка можа быць вельмі рознай, так што чужы досвед вам нічым не дапаможа, калі толькі гэта не досвед папярэдніх жыхароў гэтай самай кватэры.

Калі ў аб’яве пра здачу кватэры ў старым доме вы не бачыце фота прыбіральні, значыць, яна, хутчэй за ўсё, знаходзіцца на лесвічнай пляцоўцы, і вам давядзецца дзяліць яе з суседзямі з іншай кватэры. Душавыя кабіны ў такіх могуць стаяць ў выпадковым месцы ў кватэры, але часцей за ўсё на кухні. Гэта датычыцца дамоў, якія будаваліся яшчэ без санвузлоў, і іх не тое каб вельмі шмат, але яны ёсць.
Самыя густа населеныя раёны Рыгі – Пурвцыемс і Пляўніекі. Горш за ўсё рэпутацыя ў раёнаў Болдэрая, Маскачка і Саркандаўгава.

На першым паверсе, асабліва ў старых дамах, звычайна холадна зімой.

Найбуйнейшае прадпрыемства, якое абслугоўвае жылы фонд Рыгі – муніцыпальны Rīgas namu pārvaldnieks. Астатнія дамы абслугоўваюць прыватныя прадпрыемствы або арганізацыі, створаныя жыхарамі.

Ацяпляльны сезон 2022/2023

Каб дапамагчы людзям у ацяпляльны сезон 2022/2023, урад і парламент Латвіі зацвердзілі шэраг мерапрыемстваў. Тыя хатнія гаспадаркі, якія ў ацяпленні выкарыстоўваюць газ, атрымаюць падтрымку аўтаматычна, а каб атрымаць кампенсацыю за ацяпленне электрычнасцю, дровамі, грануламі або брыкетамі, трэба звярнуцца з заявай у самакіраванне – асабіста або запоўніўшы электронную анкету на ePakalpojumi.lv

Акрамя таго, кожны задэклараваны ў Рызе чалавек мае права прасіць аб жыллёвай дапамозе для пакрыцця арэнднай платы, кіраўніцкіх і іншых камунальных плацяжоў, калі пасля гэтых расходаў застаецца менш за 327 еўра на першую або адзіную асобу ў сям’і або 228 еўра на кожнага наступнага чалавека ў сям’і. На дапамогу могуць прэтэндаваць хатнія гаспадаркі, якім належыць не больш за адну адзінку нерухомасці і не больш за адзін аўтамабіль. Падрабязней даведацца пра гэта можна па тэлефоне 80005055.