Рахунак у банку
Набярыцеся цярпення – з адкрыццём рахунку ўсё складана. Зрэшты, калі вы атрымаеце статус уцекача і, адпаведна, пастаянны від на жыхарства, вялікіх праблем узнікнуць не павінна. У астатніх выпадках – спачуваем і суперажываем.
Адкрыць рахунак, калі ў вас на руках толькі віза, нельга. Калі вы атрымалі часовы від на жыхарства, спрабуйце зрабіць гэта ў адным з найбуйнейшых банкаў:
Swedbank. За тое, што банк разгледзіць вашыя дакументы для адкрыцця рахунку, давядзецца заплаціць 200 еўра.
Citadele banka. Кошт разгляду дакументаў – 100 еўра. Даведацца пра працэдуру больш падрабязна можна тут.
SEB Bank. Як і ў іншых банках, за разгляд дакументаў для адкрыцця рахунку тут давядзецца плаціць. SEB за гэтую паслугу бярэ 250 еўра.
Luminor Bank Latvia. Праверка дакументаў каштуе 200 еўра, падрабязнасці аб адкрыцці рахунку можна даведацца тут.
Дарэчы, плата за разгляд дакументаў нічога не гарантуе. Працэс падобны да падачы на візу – спачатку плата, потым разгляд, і ў выпадку адмовы грошы не вяртаюцца.
Калі вы (пакуль што) не можаце адкрыць рахунак у мясцовым банку, не адчайвайцеся, бо гэтаму ёсць альтэрнатывы, хоць і не тое каб паўнавартасныя.
Па-першае, рахунак, на які вы зможаце атрымліваць грошы, можна адкрыць у любым аддзяленні пошты. Каштуе гэта 30 еўра. Вам трэба проста прыйсці на пошту з пашпартам, запоўніць на месцы патрэбныя дакументы, і праз некалькі дзён вы атрымаеце па электроннай пошце пацвярджэнне, што рахунак адкрыты.
Па-другое, можна адкрыць рахунак у плацёжных сістэмах Wise або Revolut (падрабязнасці гл. па спасылках). Галоўнае адрозненне рахункаў у гэтых плацёжных сістэмах – вы не зможаце папаўняць іх наяўнымі. Але калі картка патрэбна вам для таго, каб прымаць плацяжы з іншых рахункаў, дык гэта ідэальны варыянт. Але памятайце, што, калі ў вас беларускі пашпарт, вам трэба будзе прадаставіць від на жыхарства або нацыянальную візу Латвіі.
Падатковая дэкларацыя
1 сакавіка пачынаецца падача штогадовых дэкларацый аб даходах. Але не спяшайцеся перагружаць сістэму і рабіць гэта менавіта ў першыя дні сакавіка. Падаць дэкларацыю можна да 1 чэрвеня.
Абавязкова падаваць дэкларацыю, калі:
– у мінулым годзе вы займаліся гаспадарчай дзейнасцю (напрыклад, у вас індывідуальнае прадпрыемства, вы самазанятая асоба, атрымлівалі аўтарскія ганарары, здавалі сваю маёмасць у арэнду);
– атрымлівалі даход у іншых краінах;
– атрымлівалі неабкладаемы падаткам даход, які ў суме перавысіў 10 000 еўра (напрыклад, прадаючы асабістыя рэчы).
Калі гадавы даход перавысіў 78 100 еўра, дэкларацыя падаецца з 1 красавіка па 1 ліпеня.
Калі вы з’яўляецеся наёмным працаўніком і ваш працадаўца плаціць за вас усе падаткі, падача дэкларацыі для вас не з’яўляецца абавязковай. Але вы можаце падаць дэкларацыю, каб вярнуць частку падаходнага падатку за апраўданыя выдаткі, падаўшы чэкі і квітанцыі.
Да апраўданых выдаткаў адносяцца: медыцынскія паслугі, вышэйшая адукацыя, павышэнне кваліфікацыі, дзіцячыя гурткі і ахвяраванні (калі ў арганізацыі, якой вы ахвяравалі, ёсць статус арганізацыі, якая працуе на грамадскае дабро – sabiedriskā labuma organizācija), у тым ліку палітычным партыям. Чэкі за медыцыну, адукацыю і гурткі можна падаць таксама на іншых чальцоў сям’і, у тым ліку на бацькоў, непаўнагадовых братоў і сясцёр і інш. За кожнага чальца сям’і можна дэклараваць выдаткі да 600 еўра і вярнуць сабе 20% ці 120 еўра. Калі гадавая сума выдаткаў перавышае 600 эўра на чалавека, усё адно дадавайце гэтыя чэкі, бо нявыплачаная дзяржавай сума пераходзіць на наступныя 3 гады. Аднак задэклараваная сума не можа быць большая за падаходны падатак, выплачаны вамі (ці за вас) у адпаведным годзе.
Асобным радком выдаткаў ідуць унёскі ў прыватныя пенсійныя фонды і страхаванне жыцця з назапашваннем – у памеры 10% ад гадавых даходаў, але не больш за 4000 еўра.
Важна! Вы можаце падаць дэкларацыю не толькі за мінулы год, але і за 2 папярэднія, а таксама можаце ўнесці папраўкі ва ўжо пададзеныя дэкларацыі за апошнія 3 гады (напрыклад, калі знайшоўся страчаны чэк за наведванне зубнога).
Чэкі зручней за ўсё захоўваць у мабільным дадатку Attaisnotie izdevumi (Google Play або App Store). Яны аўтаматычна дададуцца ў ваш профіль EDS – Elektroniskā deklarēšanas sistēma (з гэтай сістэмай вы ўжо знаёмыя, калі для атрымання падатковых ільгот афармлялі электронную падатковую кніжку). Але можаце дадаваць чэкі і наўпрост у EDS.
Яшчэ можа здарыцца, што вы пераплацілі ці недаплацілі падаходны падатак (з-за прагрэсіўнай падатковай стаўкі, асабліва калі ў вас некалькі працадаўцаў), таму зазірнуць у EDS варта ў любым выпадку.
Падача гадавой дэкларацыі – працэс нескладаны, таму што ўсе вашыя легальныя даходы ўжо ў сістэме і, такім чынам, у дэкларацыі. Трэба толькі дадаць файлы з чэкамі і квітанцыямі, а таксама, калі ёсць, прыбыткі, не ўлічаныя сістэмай.
Да свайго EDS профіля (ён існуе па змаўчанні) вы можаце падлучыцца, выкарыстаючы любы з даступных вам спосабаў – Інтэрнэтбанк, eiD, eParaksts.
Як дадаць чэкі да дэкларацыі з дадаткам Attaisnotie izdevumi.
Як падаць гадавую дэкларацыю аб даходах у Латвіі.