Search
Generic filters

Транспарт

У Рызе ёсць некалькі відаў грамадскага транспарту – аўтобусы, тралейбусы і трамваі. Да восені 2022 года былі і маршруткі, але ад іх вырашылі пазбавіцца. Білет на адну паездку каштуе 1,50 еўра. Падрабязней пра віды білетаў можна прачытаць на сайце rigassatiksme.lv. На ім жа ёсць і расклад усіх відаў гарадскога транспарту. Гэты расклад, дарэчы, сінхранізаваны з сэрвісам Google Maps, і з яго дапамогай можна лёгка пракласці маршрут з кропкі А ў кропку Б.

Заплаціць за праезд можна, набыўшы талон (eTalons) у кіёску Narvesen або ў білетным аўтамаце (яны часам сустракаюцца на вуліцах і заўсёды – у нізкаполых трамваях) або праз прыкладанне Mobilly або Rīgas Satiksme, скануючы QR код у салоне транспартнага сродку.

Невялікая хітрасць – хутчэй і танней у некаторыя мікрараёны (напрыклад, Іманта, Югла, Зіемельблазма) можна дабрацца на электрычцы. Электрычка па Рызе каштуе максімум 90 цэнтаў.

Таксі ў Рызе можна выклікаць праз прыкладанне Bolt на смартфоне, але ёсць і класічныя службы:

RedCab +371 60 008 383
Smile Taxi +371 22 330 330
Baltic Taxi +371 20 008 500
PANDA Taxi +371 27 228 880

Таксама ў Рызе папулярныя пракат электрасамакатаў, скутараў і ровараў.
Працуюць у горадзе і службы каршэрынгу:

Carguru (ад 29 цэнтаў/хвіліна)
CityBee (ад 13 цэнтаў/хвіліна)
Fiqsy (ад 28 цэнтаў/хвіліна)
Bolt Drive (ад 12 цэнтаў/хвіліна)

Паміж гарадамі ў Латвіі ездзяць цягнікі і аўтобусы. Расклад цягнікоў можна паглядзець тут, аўтобусаў – тут, а ўсё разам – вось тут. Акрамя гэтага, глядзець расклады і набываць квіткі можна ў дадатку Mobilly (калі ў вас ёсць картка, якую вы можаце да яго прывязаць). Набываць білет на цягнік у інтэрнэце крыху танней, чым у касе. А вось на міжгароднія аўтобусы наадварот – больш выгаднай можа быць пакупка ў касе.

Аўтастаянкі

У Рызе вельмі шмат платных аўтастаянак, а парушаць правілы, злучаныя з паркоўкай і стаянкай, мякка кажучы, не прынята. Тут за машынамі сочаць супрацоўнікі адпаведных службаў, а таксама добра працуе сістэма самарэгулявання – гараджане самі паведамляюць уладам, калі бачаць, што нехта прыпаркаваўся ў забароненым месцы.

Платныя стаянкі бываюць муніцыпальныя і прыватныя. Усё пра карыстанне муніцыпальнымі стаянкамі можна пачытаць тут.

Аплаціць карыстанне стаянкай можна праз спецыяльны паркавальны аўтамат або з дапамогай прыкладання Mobilly.

Дарэчы, у святочныя дні ўсе муніцыпальныя стаянкі становяцца бясплатнымі.

Калі арандуеце жытло, абавязкова ўдакладняйце, якія ўмовы паркоўкі побач з домам. Верагодна, вы зможаце паркавацца каля пад’езда бясплатна або арандаваць месца для машыны за 20-50 эўра ў месяц.

Правы Кіроўцы

Пасведчанне кіроўцы, выдадзенае па-за ЕС, можна выкарыстоўваць у Латвіі на працягу аднаго года. Потым яго трэба мяняць, для чаго неабходна падаць адпаведную заяву ў CSDD і здаць практычны іспыт.

Перад рэгістрацыяй на здачу іспыту трэба звярнуцца ў CSDD, каб там праверылі вашае пасведчанне. Калі факт выдачы і сапраўднасць пасведчання кіроўцы немагчыма праверыць анлайн, CSDD адпраўляе запыт у адпаведную кампетэнтную ўстанову замежнай дзяржавы аб прадастаўленні падрабязнай інфармацыі аб дакуменце і яго прыдатнасці для абмену. Такое пацверджанне ў CSDD можа падаць таксама сама асоба, якая жадае абмяняць пасведчанне. У гэтым выпадку яно мусіць быць легалізавана або пацверджана апастылем.

ВАЖНА! Калі вы маеце статут уцекача, CSDD не мае права патрабаваць ад вас ніякіх дакументаў, для атрымання якіх вам трэба звяртацца ў амбасаду роднай краіны. Калі супрацоўнік аказваецца некампетэнтным, прасіце паклікаць кагосьці з кіраўніцтва. Ніхто не можа прымусіць вас звяртацца ў амбасаду, калі вы ўцякач ці ўцякачка.

Практычны іспыт рэдка здаюць з першага разу. Каб павялічыць вашыя шанцы на поспех, вазьміце некалькі ўрокаў у мясцовага інструктара. Нават калі ў вас вялікі кіроўчы стаж, вам не перашкодзіць трэніроўка з чалавекам, які ведае ўсе мясцовыя асаблівасці.