Search
Generic filters

Бяспека

Па-першае, выдыхайце і забудзьцеся пра жудасны паліцэйскі гвалт. У Латвіі, калі вы бачыце на вуліцы чалавека ў форме, гэта не нагода панікаваць і спрабаваць сцяміць, хто ж будзе карміць ката ў бліжэйшыя 15 сутак ці пару-тройку гадоў.

Як і ў іншых краінах, у Латвіі ёсць некалькі экстраных служб. У экстранай сітуацыі вы можаце патэлефанаваць па адзіным нумары 112, і аператар адправіць вам патрэбных спецыялістаў – паліцыянтаў, пажарных, медыкаў і гэтак далей. Пры тэлефанаванні па нумары 112 вы павінны спачатку назваць дакладнае месца здарэння. Асабліва важна назваць горад, акругу ці воласць, каб пазбегнуць непаразуменняў.

Паліцыя – 112 ці 110. Гэтыя нумары прызначаны для тых выпадкаў, калі вам трэба неадкладная дапамога паліцыі – калі адбылася сур’ёзная пагроза грамадскаму парадку, злачынства ці дарожна-транспартнае здарэнне.

Хуткая дапамога – 113 ці 112. Медыцынская брыгада аказвае экстраную медыцынскую дапамогу пацярпеламу на месцы здарэння, а таксама пры транспарціроўцы ў медыцынскую ўстанову. Хуткая дапамога ў Латвіі бясплатная, калі ў вас ёсць статус, які дазваляе атрымліваць аплачаныя дзяржавай медыцынскія паслугі (грамадзянства Латвіі, пастаянны від на жыхарства ці часовы від на жыхарства і праца). Калі такога статусу няма, за прыезд хуткай давядзецца заплаціць 156 еўра.

Дарэчы, служба хуткай дапамогі не павінна выязджаць на ўсе просьбы, але калі ёсць рэальная пагроза здароўю пацыента, прыедзе абавязкова. Не бойцеся тэлефанаваць медыкам!
І памятайце, што калі дыспетчар кажа, што вам не патрэбная хуткая, і трэба звярнуцца да сямейнага лекара, а вы настойваеце на прыездзе брыгады, дык яна можа прыехаць, але гэта будзе платная паслуга, і вам давядзецца заплаціць 71,6 эўра.

Аварыйная газавая служба – 114. Газавую “аварыйку” трэба выклікаць у выпадку ўцечкі прыроднага газу або пры з’яўленні паху газу. Пры выяўленні ўцечкі газу з балона варта зачыніць вентыль балона, зацягнуць запорную гайку, вынесці балон на вуліцу і паведаміць у аварыйную службу. Такі балон нельга выкарыстоўваць.

Таксама ў Латвіі ёсць афіцыйныя рэкамендацыі, як падрыхтавацца да крызісу (вайна, экалагічная катастрофа, адключэнне камунікацый і г.д.). Вельмі раім пачытаць і прыслухацца: Як дзейнічаць у выпадку крызіснай сітуацыі.